СПО́САБ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
гістарычна вызначаны спосаб здабывання матэрыяльных даброт; адзінства матэрыяльных прадукцыйных сіл і грамадскіх вытворчых адносін. Тэрмін «С.в.» ўведзены К.Марксам для абазначэння эканам. асновы грамадства, якая, на яго думку, характарызуе сферу вытв. дзейнасці людзей і вызначае сац., паліт. і духоўныя працэсы іх жыццядзейнасці. Для кожнага С.в. характэрны пэўны ўзровень прадукц. сіл і іх выкарыстання ў прац. працэсе (напр., машынная вытворчасць, створаная ў выніку прамысловага перавароту). Аб’ектыўнае развіццё прадукц. сіл апярэджвае рост вытв. адносін, што з цягам часу пачынае негатыўна адбівацца на тэмпах эканам. развіцця і абумоўлівае неабходнасць змены аднаго С.в. на іншы, больш прагрэсіўны. Адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытв-сці набываюць сваё выяўленне ў пэўнай форме ўласнасці (прыватная, дзярж., кааператыўная і інш.), якая і вызначае канкрэтны С.в. У краінах са змешанай эканомікай, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, адбываецца пераход ад цэнтралізаванай планавай вытв-сці з дзярж. уласнасцю на яе сродкі да сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі з перавагай прыватнай уласнасці, але пры захаванні вядучай ролі дзяржавы ў планаванні эканам. і сац. развіцця краіны.
М.В.Радзіеўскі.
т. 15, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)